СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́Ў Паўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс. чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)